Флавій Валерый (Flavius Valerius Constantinus Magnus; 27.2.272?, г. Наіс, цяпер г. Ніш, Сербія — 22.5.337), старажытнарымскі імператар [306—337], Пасля смерці бацькі, Канстанцыя I Хлора, абвешчаны брыт. легіёнамі аўгустам. У 312 перамог свайго саперніка Максенцыя і заняў Рым. У 313 разам з Ліцыніем выдаў Міланскі эдыкт, які ўраўноўваў хрысціянства ў правах з язычніцкімі культамі. У 324 разбіў Ліцынія і пачаў правіць аднаасобна. Ажыццявіў паслядоўную цэнтралізацыю дзярж. апарата, ваен. і адм. рэформы, пачатыя імператарамі Галіенам і Дыяклетыянам. Пры К. палепшылася становішча гарадоў, стабілізавана манета, адбіты націск варвараў (332). Спрыяў пашырэнню хрысціянства, у 325 склікаў у г. Нікея 1-ы экуменічны сабор (гл.Экуменізм). Перанёс сталіцу імперыі ў Канстанцінопаль (330).
Літ.:
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990. С. 261—268.